Бадай, у любога школьніка ў спісе любімых школьных прадметаў значыцца фізкультура. Але, згадзіцеся, не кожны любіць яе настолькі, што выбірае сабе прафесію, звязаную са спортам.
Ігар Шамяцюк з малых гадоў быў неабыякавы да спорту. А асаблівую прыхільнасць меў да футбола: паспяхова выступаў на спаборніцтвах рознага ўзроўню за школьную каманду, зборную гарадскога пасёлка Ружаны, гуляў за івацэвіцкіх футбалістаў… У 2013 годзе каманда, капітанам якой з’яўляўся Ігар, сярод аматарскіх футбольных каманд на кубку рэспублікі заняла трэцяе месца.
У Ігара Шамецюка былі ўсе задаткі для таго, каб паспрабаваць сябе ў прафесійным спорце. Але не было магчымасці.
— Калі быў старшакласнікам, выступаў за івацэвіцкую футбольную каманду, але займацца, як належыць, не мог: трэба было амаль што кожны дзень уставаць вельмі рана і дабірацца на аўтобусе ў суседні райцэнтр і назад, — тлумачыць малады чалавек.
Таму, калі Ігар Шамяцюк атрымаў дыплом спецыяліста па лячэбнай фізкультуры і прыйшоў працаваць у родную Ружанскую школу, вырашыў даць сённяшнім школьнікам тую магчымасць, якой не меў сам. У выніку сёння ў пасёлку функцыянуюць не проста школьныя спартыўныя секцыі, але і ёсць школьны футбольны клуб «Чэстар», які мае сваю эмблему, банер, пячаць. Дзякуючы самаадданасці і энту-зіязму трэнера клуба, юныя футбалісты Ружаншчыны атрымалі ўнікальную магчымасць паўдзель-нічаць у праекце асацыяцыі «Беларуская федэрацыя футбола» і УЕФА «Мой школьны футбольны клуб», разлічаным не на адзін год, прымаць у госці ўдзельнікаў разнастайных турніраў па міні-футболе. Да слова, спецыяльна для ўдзелу ў праекце І.В.Шамяцюк закончыў курсы, якія выкладалі спецыялісты FIFA з Галандыі.