24 жніўня перастала біцца сэрца Сяркевіча Станіслава Фадзеевіча. Яго жыццёвы шлях даўжынёю ўсяго ў 56 гадоў. 34 з іх Станіслаў Фадзеевіч прысвяціў любімай працы настаўніка. Пры тым 30 адпрацаваў у роднай школе.
Нарадзіўся Станіслаў Фадзеевіч 22 кастрычніка 1959 года ў Ружанах. Закончыў мясцовую школу. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў 1982 працаваў настаўнікам хіміі ў Славаціцкай сярэдняй школе Зельвенскага раёна Гродзенскай вобласці, затым у Далкоўскай васьмігадовай школе, а з 1986 года – у Ружанскай сярэдняй школе.
“Надзейны сябар, адказны працаўнік, сумленны чалавек, аптыміст, з пачуццём гумару. Настаўнік ад Бога,” – характарызуюць калегі Станіслава Фадзеевіча. “Стргогі, але справядлівы,” – так лічаць яго вучні. “Дружалюбны, гаспадарлівы, сардэчны чалавек,” – гавораць пра яго суседзі. Такім ён застаўся ў нашай памяці…
Бадай у кожным выпуску Станіслава Фадзеевіча былі вучні, якія паступалі ў вышэйшыя ўстанововы адукацыі медыцынскага, тэхналагічнага, педагагічнага накірунку. Для паступлення ім патрэбны былі трывалыя веды па хіміі. Яго выпускнікі паказвалі добрыя вынікі на прадметнай алімпіядзе, з годнасцю здавалі ўступныя іспыты, а пазней цэнтралізаванае тэсціраванне па хіміі. Вядома, за гэтымі вынікамі была штодзённая карпатлівая праца нашага нястомнага працаўніка, рупліўца на ніве адукацыі.
Не толькі трывалыя веды даваў сваім вучням Станіслаў Фадзеевіч. Ён даваў ім урокі жыцця, выхоўваў у іх пачуццё адказнасці. Вучыў быць настойлівымі ў дасягненні пастаўленай мэты.
Шчырая праца Станіслава Фадзеевіча была неаднаразова адзначана Ганаровымі грамата аддзела адукацыі Пружанскага раённага выканаўчага камітэта, а таксама абласнога ўпраўлення адукацыі.
Развітацца з Настаўнікам прыйшлі амаль усе жыхары пасёлка. Былыя вучні, бацькі вучняў, суседзі, калегі па працы… Усіх нас аб’яднала страта цудоўнага чалавека.
За свой кароткі век Станіслаў Фадзеевіч паспеў зрабіць усё, што належыць сапраўднаму чалавеку: пабудаваў адмысловы дом, пасадзіў дрэва (ды не адно), выгадаваў сына. Ён марыў, каб сын стаў урачом. Яго мара ажыццявілася: Павел закончыў ужо два курсы Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. У яго яшчэ ёсць час, каб канчаткова вызначыць накірунак сваёй прафесійнай дзейнасці. Але мы ўпэўнены, які б профіль ён ні абраў, ён будзе выдатным урачом…
Літаральна некалькі дзён не дажыў Станіслаў Фадзеевіч да пачатку новага навучальнага года. Мы будзем пачынаць яго без нашага шаноўнага калегі. Станіслаў Фадзеевіч не прыйдзе, як звычайна, на лінейку, не пачуе першы званок, не зайдзе ў свой кабінет хіміі…
Кажуць, што чалавек жыве, пакуль яго помняць. Думаецца, што Станіславу Фадзеевічу наканавана доўгае жыццё. Ён будзе жыць у памяці родных, суседзяў, калег па працы, а таксама вучняў, у кожнага з якіх ён уклаў часцінку сваёй душы.
Вядома, ніякімі словамі нельга суцішыць боль блізкіх людзей – жонкі, сына. Але няхай нашы шчырыя словы падтрымаюць у горы родных Станіслава Фадзеевіча.
Вечная памяць нашаму дарагому НАСТАЎНІКУ.
Калектыў работнікаў Ружанскай сярэдняй школы.