Матэрыял газеты “Раённыя будні”
На гэты раз з’ездзіць на Ружаншчыну падштурхнула пісьмо, якое прыйшло на рэдакцыйную электронную пошту ад жыхара Мінска: былы выпускнік Ружанскай школы сціпла падказваў магчымых герояў для журналісцкага артыкула. Прызнаюся, я ўзялася за прапанову ахвотна, з пенсіянерамі-педагогамі Бондарамі і сама знаёма не па чутках. Браніслава Станіславаўна — мая першая настаўніца, Міхаіл Мікалаевіч некалькі гадоў выкладаў у нашым класе фізкультуру. Але сваіх былых настаўнікаў я адкрыла з іншага для сябе боку…
Браніслава Станіславаўна ў Ружанах — карэнная жыхарка. Непадробная любоў да дзятвы вызначыла яе лёс. Але дарога ў педагогі аказалася такой нялёгкай…
Спроба паступлення на дзённае аддзяленне педагагічнай ВНУ была няўдалай, і дзяўчына атрымлівала жаданую прафесію на завочным аддзяленні Брэсцкага педінстытута. Тым часам атрымлівала задавальненне ад зносін з дзецьмі ў якасці піянерважатай, затым — выхавальніцы групы падоўжанага дня.
— Вельмі хацела выкладаць мову і літаратуру, — прызнаецца праз столькі гадоў настаўніца, — а апынулася на факультэце пачатковай адукацыі.
Нягледзячы на шматлікія «але», выпадковым чалавекам у пачатковай школе Браніслава Станіславаўна не была: наадварот, стала прыкладам для калег, настаўнікам для маладых спецыялістаў, каля дваццаці гадоў з’яўлялася намеснікам дырэктара школы па вучэбнай рабоце ў пачатковых класах.
На маё дылетанцкае пытанне: «Як магчыма адначасова столькі маленькіх гарэзаў прывучаць да дысцыпліны і паралельна ўкладваць у іх голавы веды?» — Браніслава Станіславаўна сціпла пацісквае плячыма.
— Мне проста шанцавала з вучнямі: усе дзеткі былі як на падбор, паслухмяныя, уважлівыя, дысцыплінаваныя, добрыя…
На самай справе разумею, што хапала, вядома, усяго. Напэўна, ні ў адным выпуску (а іх было каля дзясятка) не налічвалася менш за трыццаць хлопчыкаў і дзяўчынак. Для сваіх падапечных настаўніца не шкадавала часу — пры неабходнасці займалася з некаторымі нават індывідуальна, на даму. І так з года ў год.
Распачаўшы ў 1958 годзе свой працоўны шлях, толькі ў 2002-м — амаль праз 45 гадоў — Браніслава Станіславаўна вырашыла давесці яго да фіналу. Хаця прызнаецца, што і сёння, калі кладзецца спаць, па начах успамінае вучняў, праводзіць з імі ўрокі, на якіх, як некалі, вучыць любіць радзіму, працаваць, жыць сумленна.
— Не быў бы гэта педагог, — міжволі думаецца, калі Міхаіл Мікалаевіч пачынае расказваць пра сваё жыццё.
Нягледзячы на тое, што, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, маленькаму Мішку не было і пяці гадоў, ён добра запомніў час ліхалецця. Памяць хутка выдае карціны вайны ў родным Чахцы: з’яўленне ў вёсцы нямецкіх салдатаў, парадкі, якія ўсталявалі захопнікі, гул самалётаў, шчаслівую выпадковасць, якая ўратавала многіх жыхароў вёскі ад смерці, а таксама пачуццё страху, якое не пакідала маленькага хлапчука ўвесь той час. Пра ўсё гэта, быццам учора было, расказвае М.М.Бондар.
Міхаіл Мікалаевіч узгадвае, што яшчэ падчас вучобы ў Гродзенскім тэхнікуме фізкультуры, калі праязджаў праз Ружаны міма тагачаснай школы, міжволі думаў: «Вось бы трапіць сюды на работу». Але перш, чым мара ўвасобілася ў жыццё, давялося папрацаваць у Высокім, Малазводскай школе, паслужыць у арміі.
Варта адзначыць, ужо падчас работы ў Ружанах малады настаўнік спрабаваў перакваліфікавацца ў фізіка і матэматыка (нават паступаў на гэтую спецыяльнасць у Брэсцкі педінстытут), але не склалася.
Фізкультуру Міхаіл Мікалаевіч выкладаў ажно да 2007 года. Прызнаецца, што папрацаваў бы і яшчэ, але пачало непакоіць здароўе.
Дарэчы, прафесія педагога ў сям’і Бондараў працягу не атрымала: абодва сыны і трое ўнукаў знайшлі сваё прызванне ў іншых галінах. Але яны таксама даюць падставы для гонару і захаплення.
Сёння настаўнікі на заслужаным адпачынку. Летась у Міхаіла Мікалаевіча адлік гадоў пайшоў на дзявяты дзясятак, а Браніслава Станіславаўна адзначыла 75-годдзе. На дваіх у Бондараў больш за 90 гадоў працоўнага стажу і каля шасці дзясяткаў розных узнагарод — падзяк, пахвальных лістоў, дыпломаў, сярод якіх грамата Вярхоўнага Савета БССР і ЦК ЛКСМБ, знак «Выдатнік народнай асветы БССР».
Безумоўна, іх урокі дабрыні і чалавечнасці не прайшлі дарэмна. І сваіх вучняў, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія даўно ўжо выраслі, ім даводзіцца бачыць не толькі на пажаўцелых ад часу шматлікіх чорна-белых фотаздымках. Выпускнікі, якія раз’ехаліся па розных кутках былога неабсяжнага Савецкага Саюза, не лянуюцца даслаць віншавальную паштоўку, патэлефанаваць, каб пацікавіцца здароўем, і зазірнуць у госці, нават калі проста праязджаюць праз Ружаны.
— Святлана Шуцько з Масквы, Эльвіра Караткова з Разані, Ваня Антанюк, які цяпер жыве ў Мінску, Саша Быкаў… — Браніслава Станіславаўна і Міхаіл Мікалаевіч могуць доўга расказваць пра самых жаданых гасцей.
Павага, памяць, увага — ці гэта не лепшая ўзнагарода ад удзячных вучняў за часцінку душы, якую ў свой час у іх уклалі любімыя настаўнікі?
Марына Вакульская.