200 гадоў працоўнага стажу…

  • Автор записи:

blcvxgr-tu8
Для агульнага партрэта сям’і Шамяцюк, якая жыве ў Ружанах, дастаткова ўказаць адно: гэта працоўная дынастыя, якая ў трох пакаленнях налічвае восем прадстаўнікоў адной з самых высакародных і паважаных прафесій — настаўнік. На ўсіх у Шамецюкоў каля 200 гадоў працоўнага стажу…

Пачалося ўсё ў 1950-х гадах мінулага стагоддзя. Менавіта ў гэты час заснавальнікам педагагічнай дынастыі стаў Аляксандр Максімавіч Шамяцюк.

Сёння, калі гэтага чалавека ўжо няма з намі, складана сказаць дакладна, што для яго аказалася лёсавызначальным аргументам. Паводле ўспамінаў жонкі Веры Андрэеўны, Аляксандр Максімавіч спачатку хацеў стаць медыкам, нават паспеў трошкі павучыцца гэтай прафесіі. Пакуль не пачаліся практычныя заняткі ў празектарскай: студэнту стала дрэнна, і ён вырашыў перагледзець свае планы на далейшае жыццё.

Сёння дарослым унукам згадваюцца аповеды дзядулі, нібыта ім авалодалі выключна меркантыльныя пабуджэнні: прафесія настаўніка ў той час была не проста прэстыжнай, але і высокааплочваемай, што было важна ў пасляваенныя гады. Але сын Віктар сцвярджае, што ўсё намнога прасцей: самай бліжэйшай навучальнай установай ад вёскі Бабічы Камянецкага раёна, адкуль быў А.М.Шамяцюк родам, быў Брэсцкі педагагічны інстытут. Тут ён і атрымаў спецыяльнасць настаўніка матэматыкі і фізікі.

Але як бы там ні было на самой справе, Аляксандр Максімавіч стаў не выпадковым чалавекам у прафесіі. Пра гэта кажуць і яго былыя калегі, і шматлікія выпускнікі Ружанскай школы, якім ён не проста даваў трывалыя веды — укладваў часцінку душы. А.М.Шамяцюк аказаўся па-сапраўднаму ўлюбёным у сваю справу. Сёння яго родныя, ужо самі настаўнікі са стажам, расказваюць, якім ён быў творчым, самаадданым, пастаянна знаходзіўся ў пошуках індывідуальнага стылю і почырку.

— Улічваючы схільнасць дзяцей пераймаць усё, што падабаецца, — гаворыць яго ўнук-цёзка, — ён імкнуўся, каб перад вачыма вучняў быў прыклад цікавай, карыснай справы.

Настаўнік змог стаць ідэалам для многіх сваіх вучняў і пакінуць праз іх свой след на зямлі: некаторыя з іх пайшлі па слядах любімага педагога. Напрыклад, Г.М.Верхавец, старшыня Ружанскага сельвыканкама, таксама зрабіла свой прафесійны выбар пад уплывам Аляксандра Максімавіча: стала настаўніцай, шмат гадоў узначальвала калектыў роднай школы.

Педагог меў 40 гадоў працоўнага стажу: першыя крокі ў прафесіі рабіў у Варанілавіцкай школе, некалькі гадоў працаваў інспектарам Ружанскага раённага аддзела народнай адукацыі, быў завучам у Ружанскай школе.

Улюбёнасць у настаўніцкую прафесію перадалася і Віктару Аляксандравічу.

— Бацька стаў добрым прыкладам для мяне, — гаворыць ён. — Канешне, не абышлося і без уплыву маіх настаўнікаў, у тым ліку Людмілы Аляксееўны Карполь, якая выкладала гісторыю, Алены Уладзіміраўны Міцянок, настаўніцы матэматыкі… Вельмі хацелася быць падобным на іх.

У Віктара Шамецюка была схільнасць да фізікі, таму ва ўніверсітэт ён вырашыў паступаць на фізіка-матэматычны факультэт. Яго фота як лепшага студэнта два гады вісела на Дошцы гонару Брэсцкага педінстытута. Ён, малады настаўнік Дзятлавіцкай школы на Лунінеччыне, і ў спадарожніцы жыцця выбраў калегу.

У сям’і яго жонкі Веры Антонаўны не было педагогаў. Але былі любімыя настаўнікі.

— Я раўнялася на Надзею Фёдараўну, якая выкладала ў мяне беларускую мову. На Палессі, адкуль я родам, людзі і сёння размаўляюць на мясцовым дыялекце, а мне так падабалася «чыстая» гаворка настаўніцы. Я старанна і доўга працавала над сабой, каб засвоіць правільнае вымаўленне гукаў: «у» нескладовага, «дз», «ц».

Вучоба ў Белдзяржуніверсітэце, настаўніцтва ў Лунінецкім раёне. Але большая частка працоўнага жыцця звязана з Ружанамі.

Не з расказаў іншых магу гаварыць пра гэтага педагога: Вера Антонаўна выкладала беларускую мову і літаратуру і ў нашым класе. Здаецца, да ўрокаў літаратуры настаўніца рыхтавалася асабліва старанна: звычайна ёй не хапала 45 хвілін урока — яна не проста правярала, наколькі ўважліва вучні прачыталі твор, але хацела, каб дзеці правільна разумелі яго, вучыла дабрыні, справядлівасці, спагадзе, вернасці… Адным словам, вучыла быць людзьмі.

Маючы перад сабой такі прыклад, настаўнікамі сталі і іх дзеці — унукі Аляксандра Максімавіча.

Аляксандр Віктаравіч гаворыць:

— Акрамя «раёнкі», у нас заўсёды на журнальным століку ляжала і «Настаўніцкая газета». Калі вучыўся ў старэйшых класах, часта чытаў тут цікавыя артыкулы-абмеркаванні адукацыйнай рэформы. Гэта таксама дало нейкі штуршок.

Да заканчэння школы Аляксандр яшчэ больш умацаваўся ў намеры стаць настаўнікам. Залаты медаліст Ружанскай СШ без складанасцей змог паступіць у тую ж навучальную ўстанову, дзе вучыліся яго бацька і дзядуля — Брэсцкі педуніверсітэт імя А.С.Пушкіна. І закончыў яго таксама з адзнакай.

— У школе з багатымі традыцыямі, дзе выкладаў матэматыку мой дзядуля, прызнаюся, зацвердзіць сваё імя было нялёгка.

Тым не менш, у Аляксандра Віктаравіча гэта атрымалася. Ен стаў не толькі паспяховым настаўнікам матэматыкі, інфарматыкі і фізікі, але і з гэтага навучальнага года ўзначаліў школу.

Як і бацька, сваю другую палавінку знайшоў у педагагічным асяроддзі: яго жонка Таццяна Генрыхаўна — настаўніца пачатковых класаў.

Самы малодшы прадстаўнік педагагічнай дынастыі — Ігар Віктаравіч. Малады чалавек ніколі не шкадаваў часу на заняткі спортам: наведваў школьныя секцыі, ездзіў на спаборніцтвы па футболе, валейболе. Калі зразумеў, што прафесійна спортам заняцца няма магчымасці, вырашыў хаця б мець дачыненне да любімай справы — атрымаў спецыяльнасць «лячэбная фізкультура». Пасля заканчэння ВНУ таксама вярнуўся ў Ружаны.

Вера Антонаўна прызнаецца, што толькі нядаўна паглядзела іншымі вачыма на спецыяльнасць сына.

— Проста ў нашым грамадстве складвалася гадамі так, што фізкультура — другасны школьны прадмет. І я так лічыла, пакуль у новым падручніку не дайшлі да тэкста-практыкавання, аўтар якога трапна аргументаваў важнасць заняткаў спортам у жыцці кожнага чалавека.

Варта адзначыць, што ў агульны педагагічны стаж дынастыі Шамецюкоў зрабілі свой уклад іншыя родныя Аляксандра Максімавіча — яго сястра Ганна Дуб, якая таксама закончыла педустанову, і другая нявестка Алена Шамяцюк, якая сёння працуе намеснікам загадчыцы аднаго з дзіцячых садкоў у Брэсце.

У сямейным альбоме Шамецюкоў нямала фотаздымкаў, якія нагадваюць пра іх працоўную дзейнасць, нямала ў іх грамат і падзяк за выдатную работу. Але найлепшай узнагародай лічаць людскую павагу: нямала выпускнікоў, якія сёння з’яўляюцца паспяховымі людьмі, жывуць у розных кутках свету, і сёння памятаюць любімых настаўнікаў, знаходзяць магчымасць, каб сустрэцца з імі хаця б на традыцыйным вечары сустрэчы выпускнікоў.

Падагульняючы размову, Вера Антонаўна зазначае:

— Аднойчы прачытала мудрае выказванне: «Калі ў цябе планы на год — абірай прафесію хлебароба, калі на дзесяцігоддзі — працуй у лесе, а калі на ўсё жыццё — будзь настаўнікам». Мы, Шамецюкі, выбіралі на ўсё жыццё.

На здымку: у Ружанскай школе. Віктар Аляксандравіч і Вера Антонаўна (сядзяць), Аляксандр Віктаравіч, Таццяна Генрыхаўна і Ігар Віктаравіч Шамецюкі; Аляксандр Максімавіч Шамяцюк; Вера Антонаўна Шамяцюк у першыя гады працы ў школе.

Марына Вакульская.

Па матэр’ялах газеты “Раённыя будні”

http://www.budni.by/?p=18884

Поделиться новостью с друзьями