У прыярытэце — прафесійнае самавызначэнне вучняў
Прыярытэтнымі задачамі ў развіцці сістэмы адукацыі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці на 2018 год з’яўляюцца: забеспячэнне ўмоў па фарміраванні асобаснага станаўлення навучэнцаў, у тым ліку прафесійнага самавызначэння праз развіццё мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі, профільнага навучання, прафесійнай падрыхтоўкі, а таксама актыўнае развіццё інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі. Аб гэтым расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкама Ірына Анатольеўна Казарэз.
— Пружанскі раён па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2017 годзе заняў першае месца сярод сельскіх раёнаў вобласці, саступіўшы толькі Баранавічам, Пінску і Ленінскаму раёну Брэста (у пружанскіх школьнікаў быў адзін 100-бальны вынік па беларускай мове), — расказвае Ірына Анатольеўна. — У гэтым годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 34 выпускнікі (9,4%). Аддзел адукацыі, спорту і турызму раёна выдзеліў для падрыхтоўкі будучых педагогаў 6 мэтавых месцаў (усе яны заняты нашымі выпускнікамі). Навучэнцы раёна выбралі і некаторыя іншыя запатрабаваныя спецыяльнасці: у сельскагаспадарчыя ўстановы адукацыі паступілі 37 вучняў (10,2%), у медыцынскія — 40 чалавек (11%). Мы пачалі рыхтаваць будучых юрыстаў у двух прававых класах, адкрытых у сярэдняй школе № 5 Пружан.