Министерство образования Республики Беларусь Учреждение образования «Республиканский институт контроля знаний»
Рекомендации на основе анализа типичных ошибок участников централизованного экзамена 2023 г.
Минск
2023
Беларуская мова
Рэзультаты выканання экзаменацыйнай работы па раздзелах праграмнага матэрыялу даюць магчымасць скласці агульнае ўяўленне пра тое, якія веды для выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталі мала запатрабаванымі, да якіх увага ў працэсе навучання была аслаблена.
Раздзел 1. Маўленне. Тэкст. Стылістыка
Функцыянальныя стылі маўлення. Статыстычныя паказчыкі цэнтралізаванага экзамену (далей – ЦЭ) падводзяць да высновы, што ў працэсе навучання найбольшы акцэнт трэба рабіць на працы з тэкстамі публіцыстычнага стылю. Ідэнтыфікацыя тэкстаў мастацкага і навуковага стыляў не выклікала пытанняў у абсалютнай большасці выпускнікоў.
Раздзел 2. Фанетыка i арфаэпія. Арфаграфія
Правапіс у–ў. Далёка не ўсімі ўдзельнікамі ЦЭ быў засвоены правапіс у (складовага) у словах іншамоўнага паходжання, якія заканчваюцца на –ум, –ус, тыпу кансіліум, соус.
Правапіс мяккага знака і апострафа. Заданне на праверку ведання правапісу мяккага знака і апострафа трапіла ў групу найбольш складаных. Пераважная большасць выпускнікоў напісала апостраф пасля ў (нескладовага) у словах здароўе, гняздоўе, прыслоўе і падобных.
Правапіс галосных о, э, а. Шматлікія выпускнікі няправільна запісалі
праз -эр словы іншамоўнага паходжання, якія маюць фіналь –ар, тыпу фламастар, світар.
Правапіс звонкіх і глухіх зычных. Выклаччык, даклаччык, агароччык, дагляччык – такія няправільныя адказы далі шматлікія ўдзельнікі ЦЭ. Відавочна, што прычынай падобных памылак стала адсутнасць у выпускнікоў умення падбіраць да такіх слоў аднакаранёвыя ці змяняць іх так, каб пасля зычнага стаяў галосны або санорны гук: выкладчык – выкладаць, дакладчык – дакладаць, агародчык – агароды, даглядчык – даглядаць.
Падоўжаныя зычныя, іх правапіс. Большасць удзельнікаў ЦЭ не знайшла парушэння арфаграфічных нормаў у словах іншамоўнага паходжання накшталт тэрраса, прэсса, калонна, праграмма, кассір.