Тыдзень беларускай мовы і літаратуры

  • Автор записи:

Якая прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая, пявучая, наша мова! На кожны выпадак знойдзецца ў ёй і трапнае слова. На гэтай мове размаўлялі нашы дзяды і прадзеды, за яе змагаліся нашы продкі. Але зараз беларуская мова пакрыху забываецца, “губляюцца” яе адметныя словы, усё радзей чуеш яе на вуліцах.

Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларуску.

Яўгенія Янішчыц

Гэтыя словы беларускай паэтэсы падштурхнулі да правядзення Тыдня беларускай мовы і літаратуры, каб выхаваць у дзяцей павагу, любоў да роднай мовы, жаданне гаварыць па-беларуску.

Тыдзень прайшоў з 18 па 23 лютага. Падрыхтавалі і правялі яго настаўнікі беларускай мовы і літаратуры Герасімук С.М. і Федзюковіч Н.П.

Падрыхтоўка да правядзення Тыдня роднай мовы пачалася загадзя. Кожны дзень Тыдня быў прадуманы да дробязей. Неабходна было, каб мерапрыемствы, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для кожнага ўдзельніка.
У першы дзень Тыдня вучні даведаліся аб мерапрыемствах, якія будуць праходзіць на працягу тыдня кожны дзень. Гэты дзень называўся “Гавары са мной па-беларуску”. На перапынках вучні ўдзельнічалі ў інтэрактыве “Гэтыя дзіўныя беларускія словы”.
Самым цікавым для дзяцей аказаўся дзень, які называўся “Нам засталася спадчына”. Вельмі спадабаліся вучням пачатковых класаў рухомыя перапынкі, пад час якіх яны развучвалі беларускія народныя танцы і гульні, наведвалі школьны этнаграфічны куток «Беларуская хатка”. Для вучняў 5-9 класаў была арганізавана віктарына “Таямніцы роднай мовы”. Гульня праходзіла ў вострай і напружанай барацьбе. Пытанні былі дастаткова складаныя, але каманды працавалі дружна і рашуча.

З задавальненнем вучні 5-7 класаў прынялі ўдзел у калажы “Фразеалагізмы ў малюнках”.

А вучні 10 класа прымалі ўдзел у конкурсе плакатаў “Беларускі правапіс”.

У рамках Тыдня таксама цікава прайшоў конкурс юных паэтаў школы “Маладыя крылы”. Вучні дэкламавалі ўласныя вершы, прысвечаныя сваёй малой радзіме.

 

Апошнія два дні вялася актыўная падрыхтоўка да фінальнага суботняга мерапрыемства – літаратурна-музычнай кампазіцыі “Роднай мовы пералівы”.

Намаганнямі вучняў і настаўнікаў быў падрыхтаваны цікавы сцэнарый, у які ўвайшлі беларускія песні, традыцыйныя беларускія гульні, а таксама інсцэніроўкі анекдотаў са школьнага жыцця.

Тыдзень прайшоў на высокай эмацыянальнай ноце. Як і літаратурна-музычная кампазіцыя, так і іншыя мерапрыемствы Тыдня беларускай мовы і літаратуры, без сумнення, выклікалі высокі душэўны пад’ём і задавальненне ад далучэння да беларускай культуры праз іскрыстую творчасць дзяцей і настаўнікаў.

Поделиться новостью с друзьями