Урачыстая лінейка, прысвечаная пачатку 2019/2020 навучальнага года
Другога верасня па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя лінейкі, і пасля доўгага адпачынку школьнікі селі за парты. У кожнай школе летам кіпіць работа, настаўніцкія калектывы і бацькі прыкладаюць усе намаганні, каб вучні прыйшлі ва ўтульныя класы. Сёлета асабліва пашанцавала Ружанскай сярэдняй школе: падрыхтоўка пасёлка да абласнога свята-кірмашу працаўнікоў вёскі не абмінула і навучальную ўстанову.
Ружанскіх вучняў зачакаліся не толькі абноўленыя класы, але і выдатная спартыўная пляцоўка, на якой можна займацца рознымі відамі спорту.
У Дзень ведаў завіталі ў Ружанскую школу і госці. Старшыня Пружанскага райвыканкама Ю.Ю. Бісун павіншаваў усіх прысутных з пачаткам новага навучальнага года. Юрый Юр’евіч падкрэсліў, што, нягледзячы на тое, што мы жывём у век тэхналогій, ніякі гаджэт не заменіць умення думаць. А менавіта гэтаму павінны навучыць маладое пакаленне бацькі і настаўнікі.
Каб выхаваць усебакова развітую асобу, патрэбны ўмовы не толькі для вучобы, але і для адпачынку. Таму школа стала шчаслівай уладальніцай сертыфіката на пакупку спартыўнага інвентару. Яшчэ адным падарункам, каб падтрымліваць прыгажосць вакол школы, стала газонакасілка.