У прыярытэце — прафесійнае самавызначэнне вучняў

  • Автор записи:

Прыярытэтнымі задачамі ў развіцці сістэмы адукацыі Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці на 2018 год з’яўляюцца: забеспячэнне ўмоў па фарміраванні асобаснага станаўлення навучэнцаў, у тым ліку прафесійнага самавызначэння праз развіццё мадэлі дапрофільнай падрыхтоўкі, профільнага навучання, прафесійнай падрыхтоўкі, а таксама актыўнае развіццё інфармацыйнага адукацыйнага асяроддзя ўстаноў адукацыі. Аб гэтым расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Пружанскага райвыканкама Ірына Анатольеўна Казарэз.

— Пружанскі раён па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2017 годзе заняў першае месца сярод сельскіх раёнаў вобласці, саступіўшы толькі Баранавічам, Пінску і Ленінскаму раёну Брэста (у пружанскіх школьнікаў быў адзін 100-бальны вынік па беларускай мове), — расказвае Ірына Анатольеўна. — У гэтым годзе на педагагічныя спецыяльнасці паступілі 34 выпускнікі (9,4%). Аддзел адукацыі, спорту і турызму раёна выдзеліў для падрыхтоўкі будучых педагогаў 6 мэтавых месцаў (усе яны заняты нашымі выпускнікамі). Навучэнцы раёна выбралі і некаторыя іншыя запатрабаваныя спецыяльнасці: у сельскагаспадарчыя ўстановы адукацыі паступілі 37 вучняў (10,2%), у медыцынскія — 40 чалавек (11%). Мы пачалі рыхтаваць будучых юрыстаў у двух прававых класах, адкрытых у сярэдняй школе № 5 Пружан.

Высокія вынікі паказваюць педагогі раёна. Загадчык ясляў-сада № 9 Пружан А.А.Кот стала прызёрам (другое месца) міжнароднага конкурсу сярод спецыялістаў дашкольнай адукацыі “Майстэрства без межаў” у намінацыі “Лепшы загадчык”, настаўніца нямецкай мовы гімназіі Пружан І.В.Хатомчанкава заняла другое месца на абласным конкурсе “Настаўнік года”, за распрацоўку мультымедыйнага ўрока настаўніца фізікі сярэдняй школы № 5 Пружан С.А.Ерамеева ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені на абласным конкурсе, дыпломам ІІІ ступені адзначана работа настаўніка абслуговай працы сярэдняй школы № 3 Пружан Г.Д.Зуй на ІV Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Мастацтва і асоба”. Калектыў Пружанскага раённага ЦКРНіР заняў у 2017 годзе другое месца ў абласным конкурсе “Лепшая ўстанова спецыяльнай адукацыі”.
З пачатку 2017/2018 навучальнага года Новазасімовіцкі яслі-сад № 6 далучыўся да рэспубліканскага інавацыйнага праекта па ўкараненні праграмна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу для груп кароткачасовага знаходжання дзяцей.
За апошнія пяць гадоў у раёне закрыта толькі адна ўстанова агульнай сярэдняй адукацыі і дзве рэарганізаваны. У 2017 годзе аптымізацыі ўстаноў адукацыі на Пружаншчыне не праводзілася.
Яшчэ адной значнай падзеяй 2017 года стала ўвядзенне ў эксплуатацыю сучаснага школьнага харчаблока і блока пачатковых класаў у Ліноўскай сярэдняй школе, на адкрыцці якога прысутнічаў Прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь А.У.Кабякоў.
— Чым радуюць вас навучэнцы?
— На абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах у 2017 годзе навучэнцы Пружанскага раёна атрымалі 11 дыпломаў, на абласной навукова-практычнай канферэнцыі — 8. Нашы вучні сталі пераможцамі і прызёрамі творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Так, на штогадовай раённай цырымоніі “Дараванне-2017” грашовымі прэміямі было ўзнагароджана 231 дзіця за дасягнутыя поспехі ў творчасці, вучобе і спорце. У гімназіі Пружан, Ружанскай сярэдняй школе з 2015 года ажыццяўляецца рэспубліканскі інавацыйны праект па ўкараненні мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе станаўлення. Што цікава, у дадзеных установах маладыя дырэктары — выпускнікі гэтых жа ўстаноў, якія вярнуліся настаўнікамі ў свае школы і сталі кіраўнікамі. Дырэктар гімназіі Пружан А.К.Момлік уключаны ў рэспубліканскі банк адоранай моладзі.
— Раскажыце, якія выхаваўчыя рэсурсы выкарыстоўваюцца ва ўстановах раёна.
— У якасці такіх рэсурсаў мы пачалі выкарыстоўваць сайты ўстаноў. 100% устаноў агульнай сярэдняй адукацыі раёна маюць сайты, а з 1 верасня 2017-га — і ўсе ўстановы дашкольнай адукацыі. Эфектыўнай у дадзеным кірунку з’яўляецца дзейнасць калектыву сярэдняй школы № 5 Пружан. Іх вопыт работы адзначаны дыпломам ІІ ступені ў намінацыі “Лепшы сайт установы агульнай сярэдняй адукацыі” абласнога конкурсу “Сайт установы адукацыі як рэсурс выхаваўчай работы”. На працягу апошніх двух гадоў асаблівасцю арганізацыі выхаваўчай і фізкультурна-спартыўнай работы ў шосты школьны дзень стала функцыянаванне пяці занальных цэнтраў, у якіх адзін раз у месяц аб’ядноўваюцца 4—6 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі для правядзення мерапрыемстваў па прафарыентацыі, валанцёрскай дзейнасці, прафілактыцы дэвіянтных паводзін, фарміраванні здаровага ладу жыцця і інш. Кожная ўстанова ў арганізацыі шостага школьнага дня выкарыстоўвае праектныя тэхналогіі. Дыпломам ІІ ступені адзначаны праект Навасёлкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы “Там звіняць неўміручыя песні” ў намінацыі “Выхоўваем патрыётаў Беларусі!” рэспубліканскага конкурсу на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня (у папярэднія гады прызёрамі рэспубліканскага конкурсу станавіўся калектыў Ліноўскай сярэдняй школы з праектам па арганізацыі шостага школьнага дня). Праектная дзейнасць таксама выкарыстоўваецца пры арганізацыі летняга аздараўлення навучэнцаў у аздараўленчых лагерах з кругласутачным і дзённым знаходжаннем дзяцей (у 2017 годзе праекты з 4 устаноў сталі прызёрамі абласнога этапу рэспубліканскага агляду-конкурсу на лепшы аздараўленчы лагер у намінацыі “Новыя мадэлі арганізацыі дзіцячага адпачынку “Зробім лета ярчэй”).
У Пружанскім раёне выдатная спартыўная база (у 5 установах адукацыі — басейны, у Пружанах — водны і Лядовы палацы), дзе дзеці і дарослыя могуць займацца плаваннем, фігурным катаннем і хакеем, лёгкай атлетыкай, валейболам і футболам і інш. Ахоп вучняў спартыўнымі секцыямі штогод расце і ў 2017 годзе склаў больш за 53%. Вынікам эфектыўнай фізкультурна-спартыўнай работы з моладдзю сталі перамогі 9 вучняў на міжнародных спартыўных спаборніцтвах па фігурным катанні і лёгкай атлетыцы і 12 вучняў — на рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтвах.
— Над чым вы плануеце працаваць у будучыні?
— Якасць адукацыі ў многім залежыць ад узроўню прафесійных кампетэнцый педагогаў, таму будзе весціся работа над павышэннем іх адукацыйнага ўзроўню. Размова ідзе аб атрыманні вышэйшай профільнай адукацыі выхавальнікамі дашкольнай адукацыі, павышэнні кваліфікацыйнага ўзроўню педагогаў, а таксама аб атрыманні катэгорыі “настаўнік-метадыст”, бо такіх педагогаў у нашым раёне пакуль няма. Асаблівую ўвагу неабходна ўдзяляць узаемадзеянню і інфармацыйнай падтрымцы сем’яў па актуальных пытаннях навучання і выхавання дзяцей.
Надзея ЦЕРАХАВА
Источник nastgaz.by

Поделиться новостью с друзьями