Матэрыял газеты “Настаўніцкая газета”
Восем прадстаўнікоў педагагічнай дынастыі, тры пакаленні ў прафесіі, каля 200 гадоў агульнага працоўнага стажу… Ружанскую сярэднюю школу немагчыма ўявіць без педагагічнай дынастыі Шамецюкоў. Адзін з самых маладых яе прадстаўнікоў — Аляксандр Віктаравіч Шамяцюк — сённяшні госць нашага дырэктарскага клуба.
Заснавальнікам педагагічнай дынастыі стаў дзед нашага героя Аляксандр Максімавіч Шамяцюк, настаўнік матэматыкі, які 40 гадоў аддаў прафесіі педагога і змог улюбіць у гэтую высакародную справу некаторых са сваіх вучняў і сына Віктара. Працягваць шлях настаўніка фізікі і астраноміі Віктара Аляксандравіча і яго жонкі, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Веры Антонаўны, прыйшлі ў Ружанскую сярэднюю школу сыны. Ігар Віктаравіч — малодшы прадстаўнік дынастыі, выкладае фізічную культуру і здароўе. Старэйшы, Аляксандр Віктаравіч, мае 11-гадовы стаж настаўніка матэматыкі і інфарматыкі, а з гэтага навучальнага года з’яўляецца дырэктарам навучальнай установы.
“Ісці па слядах дзеда і бацькі не было вырашальным у выбары прафесіі, — адзначае Аляксандр Віктаравіч. — У свой час я марыў стаць ваенным, але ў старшых класах выбраў матэматыку. Дапамаглі вызначыцца пераўтварэнні ў адукацыі, пік якіх прыйшоўся на той час, калі я быў старшакласнікам. “Настаўніцкая газета” заўсёды была ў нашай сям’і настольнай прэсай. У той час шмат пісалі пра вопыт іншых краін у галіне адукацыі, вырашалася пытанне аб увядзенні 10-бальнай сістэмы ацэнкі ведаў, цэнтралізаванага тэсціравання. Навіны прэсы традыцыйна абмяркоўваліся дома. Я чытаў, прыслухоўваўся да дарослых — адным словам, сталеў падчас сур’ёзных пераўтварэнняў у галіне беларускай адукацыі. І разам са мной расло жаданне паўдзельнічаць у іх”.
Пра школу — па-гаспадарску
Праз 4 гады работы настаўнікам матэматыкі і інфарматыкі ў роднай Ружанскай школе Аляксандра Віктаравіча прызначылі намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце, а пасля — дырэктарам навучальнай установы. За няпоўны год на новай пасадзе Аляксандр Віктаравіч Шамяцюк добра асвоіўся, таму пра падначаленую яму навучальную ўстанову расказвае па-гаспадарску ўпэўнена: “У нашай школе рэалізоўваецца інавацыйны праект, ажыццяўляецца профільнае навучанне, спецыяльнае і надомнае навучанне для дзяцей з АПФР. Нягледзячы на тое, што ў Ружанах дзейнічае шматпрофільны цэнтр па рабоце з дзецьмі, падлеткамі і моладдзю, у школе таксама актыўна вядзецца гуртковая дзейнасць, існуе клуб “Юны алімпіец”, створаны школьны сайт і афіцыйная старонка навучальнай установы ў сацыяльнай сетцы “УКантакце”. На базе аднаго з класаў укараняецца сістэма вядзення электронных дзённікаў”.
У школе абсталяваны два камп’ютарныя класы, у 11 кабінетах ёсць персанальныя камп’ютары, функцыянуе лакальная камп’ютарная сетка з доступам у інтэрнэт, ёсць мультымедыйны праектар і інтэрактыўная дошка. Ружанская школа ўключана ў пералік аб’ектаў адукацыі для ўдзелу ў рэалізацыі праекта Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця “Мадэрнізацыя сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь”. Праект прадугледжвае стварэнне якасных умоў навучання ў школах, якія прымаюць навучэнцаў з закрытых або рэарганізаваных устаноў агульнай сярэдняй адукацыі сельскіх рэгіёнаў. У гэтым годзе плануецца рэканструяваць школьны стадыён, мадэрнізаваць 4 вучэбныя кабінеты — фізікі, хіміі, біялогіі і адзін з кабінетаў інфарматыкі. Аснашчэнне гэтых класаў дасць педагогам больш шырокія магчымасці для навучання.“Для дзесяцікласнікаў у школе дзейнічае педагагічны факультатыў, які карыстаецца папулярнасцю ў навучэнцаў, арыентаваных на педагагічную спецыяльнасць. Паглыбленае навучанне ў нас ажыццяўляецца па профілях “біялогія — беларуская мова” і “фізіка — матэматыка”, — працягвае дырэктар. — Біялогія і беларуская мова — не зусім звыклае спалучэнне, але яно адлюстроўвае сённяшнія патрэбы нашых вучняў і актуальна для тых, хто рыхтуецца да паступлення ў медыцынскія ўніверсітэты. Згодна з папярэднімі апытаннямі дзяцей і іх бацькоў, у наступным навучальным годзе запатрабаванымі будуць напрамкі “матэматыка — беларуская мова” і “біялогія — беларуская мова”.
Інтэлектуальныя маршруты
У мінулым навучальным годзе школа падключылася да ўдзелу ў інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі суправаджэння інтэлектуальна адоранай моладзі ў працэсе яе прафесійнага станаўлення”. У высокаматываваных дзяцей не заўсёды ёсць магчымасць раскрыць свае здольнасці. Каб даць шанс рэалізаваць сябе кожнаму вучню, праект прадугледжвае суправаджэнне ўдзельнікаў — і псіхалагічнае, і педагагічнае. Настаўнік выступае ў ролі педагога-цьютара, які складае індывідуальны адукацыйны маршрут развіцця ключавых кампетэнцый, разам з цьютарантам вызначаецца з напрамкамі і формамі работы, падчас праходжання па складзеным маршруце не толькі вучыць, але і накіроўвае, кансультуе. Рэфлексіўную дзейнасць цьютары ажыццяўляюць праз вядзенне дзённіка, у якім фіксуюцца этапы работы, поспехі і праблемы, якія ўзнікаюць. Адначасова праводзіцца работа з бацькамі навучэнцаў, узнімаюцца пытанні стварэння спрыяльнай псіхалагічнай і эмацыянальнай атмасферы ў сям’і, пераадолення трывожнасці і інтэлектуальнай стомленасці дзіцяці. Праект разлічаны на тры гады (2015—2018 гады), таму рэалізацыя яго пачыналася ў леташніх 9 класах, каб вынік работы быў бачны пасля заканчэння школы. Далучылася і некалькі вучняў-дзесяцікласнікаў. Сёння ў інавацыі прымаюць удзел 8 высокаматываваных школьнікаў. Цьютары працуюць з імі па такіх прадметах, як “Нямецкая мова”, “Гісторыя і краязнаўства”, “Інфарматыка”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Працоўнае навучанне”.
Заканчваецца другі год удзелу Ружанскай школы ў праекце, але Аляксандр Віктаравіч ужо назірае станоўчыя вынікі: “Да таго як мы сталі займацца інавацыйным праектам, даследчая дзейнасць навучэнцаў знаходзілася на нізкім узроўні. Удзел у праекце надаў ёй належнае развіццё. У снежні 2016 года ўдзельнікі праекта прымалі ўд зел у раённай канферэнцыі вучэбна-даследчых работ “З навукай — у будучыню”. Дзве з чатырох даследчых работ былі адзначаны дыпломамі. Дыплом I ступені атрымалі навучэнцы 11 класа Яўген Сакалоў і Максім Пятрашка, якія пад кіраўніцтвам настаўніка інфарматыкі М.Я.Макарэвіча даследавалі тэму “Манетызацыя праекта з дапамогай відэахостынгу YouTube”. Дыпломам II ступені была адзначана работа “Подзвіг настаяцеля Свята-Петрапаўлаўскай царквы ў Ружанах айца Іаана Наўродскага”, якую падрыхтавала вучаніца 10 класа Валерыя Літвіновіч (цьютар — настаўнік гісторыі Л.І.Давідзенка). У чэрвені 2016 года ў Кобрыне праходзіў VI Адкрыты фестываль фальклорнага мастацтва “Радавод”, дзе Валерыя таксама была ўзнагароджана дыпломам II ступені за даследчую работу “Ганчары Ружан”, — працягвае Аляксандр Віктаравіч. — Калі мы выбіралі краязнаўчы напрамак цьютарства, улічвалі тое, што Ружаншчына багата на мясцовы матэрыял. Таму я ўпэўнены, што і пасля заканчэння праекта краязнаўчая дзейнасць у нас не спыніцца”.
Ад інтэграцыі — да інклюзіі
У школе дзейнічаюць 9 класаў інтэграванага навучання і выхавання. Колькасць навучэнцаў з АПФР пастаянна павялічваецца. Аляксандр Віктаравіч прыгадвае, што яшчэ сем гадоў назад, калі яго прызначылі намеснікам дырэктара навучальнай установы, такіх дзяцей было трое, зараз іх больш за 20. Актуальнасць праблемы падштурхнула дырэктара прыняць удзел у Міжнароднай праграме прафесійнай мабільнасці “Асаблівасці інклюзіўнай адукацыі ў краінах Балтыі і Скандынавіі”.
Яму прадаставілася магчымасць пазнаёміцца з вопытам інклюзіўнага навучання ў навучальных установах Літвы, Латвіі, Швецыі. “Наша разуменне інклюзіўнай адукацыі больш шырокае, чым тое, што давялося ўбачыць за мяжой. Многае з таго, што ў Скандынавіі лічыцца інклюзіўным, у Беларусі, у тым ліку ў нашай школе, ужо рэалізавана ў рамках інтэграванага навучання”, — лічыць дырэктар.
Бацькі — дзеці: страчаныя кантакты
Аляксандра Віктаравіча зацікавіла і пытанне прэстыжу прафесіі настаўніка ў замежных краінах. “Не сакрэт, што ў апошнія дзесяцігоддзі прафесія педагога страціла высокі рэйтынг сярод моладзі. Тое ж самае назіраецца і за мяжой. Адна з прычын гэтага — павышаныя патрабаванні, якія прад’яўляюць да школы і настаўнікаў бацькі. Дасягненне ўзаемаразумення паміж педагогамі і бацькамі часам ператвараецца ў складаную задачу. Гадоў дваццаць назад бацькі абураліся на дзіця з-за дрэннай адзнакі. Зараз многія патрабуюць тлумачэння не ад дзіцяці, а ад настаўніка, прычым цікавяць іх больш не веды, а менавіта адзнакі. Некаторыя бацькі бачаць сваю ролю толькі ў тым, каб забяспечыць матэрыяльны дабрабыт сям’і, яны амаль перасталі кантактаваць з дзецьмі. Менавіта з-за недахопу гэтых зносін узнікае адыход у віртуальную рэальнасць, зацікаўленасць “групамі смерці” і г.д. Калі ў маім дзяцінстве падлеткі да цемры гулялі ў футбол на вуліцы, то зараз многіх на вуліцу не выцягнуць. Аддаляючыся ад дзяцей, дарослыя маюць на іх усё меншае ўздзеянне. Таму ў маёй рабоце здараюцца сітуацыі, калі бацькі не спраўляюцца са сваімі дзецьмі і просяць нас, педагогаў, дапамагчы. Мы праводзім кансультацыі, бацькоўскія сходы, працуем з псіхолагамі, сацыяльнымі службамі, але грунтоўна гэтая праблема сучасных школ пакуль не вырашана”.
З маладымі спецыялістамі — да новых вяршынь
Акрамя агульных праблем, Аляксандр Віктаравіч звяртае ўвагу і на мясцовыя. “Нягледзячы на тое, што закрываюцца навакольныя школы і іх вучні працягваць займацца ў нашай навучальнай установе, усё роўна агульная колькасць навучэнцаў у Ружанскай школе скарачаецца. Яшчэ 5 гадоў назад іх было 585, зараз — 464 вучні. Напрыклад, у мінулым годзе мы выпусцілі 2 дзявятыя класы — 50 чалавек. У гэтым годзе ў 10 класе засталося толькі 27 чалавек”, — адзначае Аляксандр Віктаравіч Шамяцюк.
Нягледзячы на змяншэнне колькасці навучэнцаў у школе, штогод установа гатова прымаць 1—2 маладых педагогаў. “Нярэдка маладыя спецыялісты з’яўляюцца нашымі выпускнікамі, чаму мы толькі рады. Ім удаецца падштурхнуць калектыў да новых форм работы, новых вяршынь. Напрыклад, у нашым раёне штогод праводзіцца фестываль вучнёўскіх тэатральных калектываў на замежнай мове Assorti. Наша школа не прымала ў ім удзел. Прыйшоў малады спецыяліст — заахвоціў ідэяй дзяцей і калег. Зараз мы пастаянныя ўдзельнікі і нават прызёры тэатральнага фестывалю”, — расказвае дырэктар.
* * *
Напрыканцы размовы Аляксандр Віктаравіч прызнаўся: з аднаго боку, выбіраў для сябе ўсё ж не кіраўніцкую пасаду, а прафесію настаўніка, таму час ад часу яму мала тых некалькіх гадзін інфарматыкі, якія засталіся ў яго раскладзе, каб адчуваць сябе не толькі дырэктарам, але і педагогам. З другога боку, сур’ёзных планаў у маладога дырэктара шмат: дабіцца яшчэ большай эфектыўнасці ў рэалізацыі інавацыйнага праекта, павялічыць колькасць профільных класаў, пашырыць у школе сістэму карыстання электроннымі дзённікамі, мадэрнізаваць школьныя кабінеты, рэканструяваць школьны стадыён і г.д. Жадаем поспеху Аляксандру Віктаравічу ў ажыццяўленні ўсіх задум!
Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Марыны ВАКУЛЬСКАЙ і з архіва ўстановы