22 верасня ў дзяржаўнай установе культуры “Ружанскі палацавы комплекс роду Сапегаў” адбылася прэзентацыя выдання “Гісторыя Сапегаў: жыццяпісы, маёнткі, фундацыі”, укладальнікам якой з’яўляецца Яўстах Сапега. Той самы Яўстах Сапега – апошні прадстаўнік Сапегаў, які ў 1997 годзе, пераадолеўшы самалётам і цягнікамі звыш сямі тысяч кіламетраў, завітаў на зямлю сваіх продкаў – у Гродна, Дзярэчын, Ружаны. Яго запрасілі наведаць Бацькаўшчыну Сапегаў пісьменнікі Міхась Скобла і Валянцін Дубатоўка. Менавіта яны і прэзентавалі у Ружанах “Гісторыю Сапегаў”.
Кіраўнік Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў Валянцін Дубатоўка распавёў пра візіт Яўстаха Сапегі на Беларусь, пра гутарку з ім і пра тыя сустрэчы, якія адбываліся на беларускай зямлі.
Пісьменнік і журналіст Міхась Скобла цікава распавёў пра тое, як ішла праца над кнігай пра Сапегаў, у якой публікуеццва 85 жыццяпісаў найбольш выдатных яго прадстаўнікоў сярод якіх канцлер Леў, гетман Казімір Ян, генерал артылерыі і ўдзельнік паўстання 1794 года Францішак, мецэнат паўстання 1830 года Яўстах Каятан і іншыя. У кнізе таксама прапануюцца апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і фундацый, нарысы па генеалогіі і геральдыцы Сапегаў, спісы пасадаў, займаных імі ў ВКЛ.
Спонсарам выдання кнігі выступіў уладальнік кампаніі “World of Tanks” Уладзімір Кіслы.
На сустрэчы сярод іншых прысутнічалі дырэктар Ружанскай СШ Шамяцюк А.В., намеснік дырэктара па НР Сарока В.С. і вучні 11 класа школы.
Дзякуем за фотаздымкі Малышэўскаму Юрыю Станіслававічу!