Інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”
Матэрыял газеты «Раённыя будні»
За сваю параўнальна кароткую гісторыю пружанскі Палац культуры паспеў пабачыць нямала мерапрыемстваў: вялікіх і камерных, важных і не вельмі, лірычных і гумарыстычных… Але тая імпрэза, якая штогод праводзіцца тут напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Увядзення ў храм Прасвятой Багародзіцы і прымеркаваная да Міжнароднага дня інвалідаў, не падобная ні на адно з іх. Інтэграваны фестываль “Дзяцінства без межаў”, якому сёлета споўнілася пяць гадоў, ізноў атрымаўся вельмі кранальным і прасякнутым шчырасцю, пяшчотай і цеплынёй.
Прыгажосць і міласэрнасць свята адчувалася з самага парога. У фае была разгорнута выстава выдатных малюнкаў, аплікацый, сувеніраў, створаных таленавітымі вучнямі Шарашоўскай, Мокраўскай, Ліноўскай, Параслянскай і большасці гарадскіх школ для дзетак з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Тут яны сустракаліся, знаёміліся, абдымаліся, абменьваліся ўсмешкамі і віншаваннямі і, узяўшыся за рукі, ішлі ў наступную залу, дзе іх чакалі новыя цуды.